Фінальная гульня ХII Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

7 лютага 2016 г у Пасольстве Літоўскай рэспублікі ў Мінску адбылася фінальная гульня ХII Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” Удзельнікі фіналу папярэдне прайшлі чатыры этапы інтэрнэт-адбору, які ўключаў у сабе розныя тэставыя заданні на тэмы 70 год з дня заканчэння Другой Сусветнай вайны, аднаўлення незалежнасці Літвы, аб’яднання Германіі і мікст юбілейных дат айчыннай і еўрапейскай гісторыі.

Заданні фінальнай гульні ў гэтым годзе вызначылі наступныя падзеі і юбілеі.

Наша суайчынніца Святлана Алексіевіч стала Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры, што натхніла на конкурс “Пазнай асобу”, сутнасць якога заключалася ў тым, каб з дапамогай фраз-падказак і выяваў, размеркаваных па ступені складанасці, пазнаць славутых жанчын, якія праславілі беларускія землі ў Еўропе.

Тэму брэйн-рынгу, - “Гісторыя Літвы за часы адноўленай незалежнасці”, - вызначылі месца правядзення гульні і памятная дата – 25 год з дня аднаўлення літоўскай незалежнасці. Трэба адзначыць, што дабразычлівыя гаспадары, а конкурс праходзіў на Літоўскай зямлі ў цэнтры Мінска, высока ацанілі веды ўдзельнікаў каманд.

Мэтай любога інтэлектуальнага спаборніцтва з’яўляецца не толькі пашырыць веды, але і замацаваць іх. Таму трэці этап фіналу конкурсу меў наступную тэму: ”Юбілейныя даты (індывідуальны і камандны этапы по матывах адборачных заданняў)”. Ён базаваўся на тых пытаннях, на якія ўдзельнікі ўжо адказвалі падчас інтэрнет-адбору. На “індывідуальным этапе” кожны сябра каманды мусіў адказаць на адно пытанне па тэме пісьмова (разам кожная каманда адказала на 5 пытанняў). На “камандным этапе” кожная каманда атрымала пазл, які сабрала, пазнала асобу і распавяла пра яе.

І безумоўна нельга было абыйсці ўвагай юбілей нашага славутага земляка з рознабаковымі талентамі - 250 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Яму, яго часу і творчасці былі прысвечаны музычны конкурс і медыя-азбука.

Партнеры: Конкурс немагчыма было б правесці ў такім цудоўным фармаце без падтрымкі нашых партнераў – Пасольства Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія). Вялікі ім дзякуй за гэта!

Ва ўтульнай светлай залі Пасольства сябраў каманд, настаўнікаў-куратараў і гасцей конкурсу сустракалі арганізатары. Распачаў урачыстую частку мерапрыемства ідэйны натхняльнік, нязменны кіраўнік конкурсу на працягу ўсіх 12 гадоў і вядучы Ігар Лялькоў – вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч. На пачатку гульні ўдзельнікаў павітаў дарадца Пасольства Віліюс Самуйла, які адзначыў вялікі плён школьнага конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу?” і пажадаў поспехаў усім удзельнікам.

Суддзі. Фінал ХII Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” судзілі: шматгадовая арганізатарка конкурсу Алена Палейка, кіраўнік каманды “Еўра-М” (Магілеў) і даўнішні ўдзельнік конкурсу Юрась Каласоўскі, вядомая грамадская і палітычная дзяячка Таццяна Караткевіч.

Каманды і кіраўнікі прадстаўляліся і віталі ўсіх прысутных. У гэтым годзе фінальная гульня стала спаборніцтвам старажылаў і навічкоў. Самай тытулаванай камандзе конкурсу, яго трохразовым пераможцам (2010, 2013 і 2014 г.г.) “Беларускаму колу” з Навагрудка супрацьстаялі дэбютанты, але адначасова і пераможцы адборачнага інтэрнэт-этапу – каманда “Моладзь Белавежжа” з Камянецкага района Брэстскай вобласці. Падрыхтавалі свае каманды да інтэлектуальнага спаборніцтва таленавітыя, адданыя сваей працы беларускія настаўнікі, якія знаходзяцца ў пастаянным педагагічным пошуку. Дзякуем ім за высокі прафесіяналізм настаўніцкай дзейнасці!

Гульня атрымалася вельмі цікавай і па змесце, і з пункту гледжання лічбаў. На працягу ўсяго спаборніцтва захоўвалась бальная прапорцыя 2 к 1. Нягледзячы на тое, што ад пачатку гульні ініцыятыву захапілі наваградцы, “Моладзь Белавежжа” да канца імкнулася пераламіць гэтую тэндэнцыю і дэманстравала волю да перамогі. Атрымаўся сапраўдны інтэлектуальны “двубой”, але ў выніку ўсё ж такі перамог вопыт.

Пераможцам Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” у чацверты раз стала моцная і вопытная каманда “Беларускае кола” з Навагрудка. Шчыра віншуем пераможцаў!

Завяршылася наша імпрэза калектыўным наведваннем Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, выставы славутых іспанскіх мастакоў Гойя і Пікасса і экскурсіяй па залах беларускага мастацтва XII - XVI стагоддзяў, дзе ўдзельнікі конкурсу акунуліся ў цудоўны свет еўрапейскай і беларускай культуры.

А арганізатарам ХII Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” застаецца толькі выказаць вялікую падзяку ўсім удзельнікам адборачных этапаў і фіналу за добрую атмасферу, якасную падрыхтоўку і волю да перамогі, а партнерам – за ўсебаковую падтрымку і спрыянне ў правядзенні конкурсу.

Дадатковая інфармацыя