Як мы з’ездзілі ў Брусэль!


24.12.2013


Як мы з’ездзілі ў Брусэль!

 

Падарожжа пераможцаў конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу?” 2013 года ў нарысе кіраўніка каманды “Беларускае кола” з Наваградка – настаўніцы Валянціны Быстрык.

Прайшло 2 тыдні, як мы вярнуліся з Бруселю. Трохі аціхлі эмоцыі, уражанні ператварыліся ва ўспаміны. Да жыццёвага досведу дадалася новая старонка.

Школьнікі з Наваградка ў БрусэліНяма сумневу, што падарожжа – лепшае хоббі, лепшы адпачынак, лепшы падарунак. Я хачу сказаць, што лепшага прыза за перамогу ў якіх - кольвек конкурсах проста не існуе. Магія падарожжаў у тым, што на нейкі час цалкам змяняюцца, так бы мовіць, дэкарацыі твайго жыцця. Усё іншае. Убіраеш у сябе другія настроі, позіркі, усмешкі, словы. Другое жыццё, другі яго рытм.

А пасля пачынаеш пазнаваць: любому турысту,- што з Азіі, што з Амерыкі,- гэтаксама, як і табе, найважнейшая справа – упрыгожыць сабою самыя вядомыя месцы і помнікі. Гэта ўсімі прызнаецца, і ніхто ніколі не перашкодзіць фотасесіі, якой доўгай яна б ні была, усе будуць церпяліва і добразычліва абыходзіць фатографа з яго мадэллю. Усім нязручна у натоўпе з пакункамі сувеніраў і падарункаў, але ізноў і ізноў спыняюцца перад вабнымі вітрынамі,- і пакункаў няўмольна большае. Гэта ўсе заўважаюць, і ад гэтага ўсім весела.Часам нешта адказваеш, альбо пытаеш, камусці ўсміхаешся – і становішся ўжо не назіральнікам, а ўдзельнікам святочнага жыцця, якое больш не падаецца такім чужым.

Я гавару гэта ўсё аб падарожжы каманды “Беларускае Кола”, якая выйграла конкурс еўраклубаў “Што я ведаю пра Еўропу” у сталіцу Бельгіі. Конкурс праводзіўся 10ы раз, гэта азначае - быў юбілейным. Мы ўдзельнічаем у ім даволі даўно, нават перамагалі ў 2010 годзе. У 2003 годзе ўдзельніца каманды Іра Луневіч напісала лепшае эссэ аб стасунках Беларусі з Чэхіяй (ў рамках конкурсу). Дарэчы, на фінале конкурсу Іра як каардынатар праектаў ЕГУ была ў яго журы.

Школьнікі з Наваградка ў Брусэлі І ў клуба нашага таксама 10 - гадовы юбілей. Такім чынам, перамога сталася сімвалічнай. Журналісты, якія пісалі пра фінал гульні і віншавалі нас успомнілі яшчэ і пра 760 угодкі каранацыі першага караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга. Зразумела, што радасць ад перамогі для каманды з Наваградка была сапраўды вялікай.

У юбілейны год тэма конкурсу была адпаведнай. Пры падрыхтоўцы давялося ўспомніць усе ( амаль)) круглыя даты з гісторыі і культуры Беларусі, Еўропы і Еўразвязу. Можна ўявіць сабе, наколькі пашырыўся кругавід і паглыбіліся ў гэтых сферах веды ўдзельнікаў камандаў і іх кіраўнікоў. А камандаў удзельнічала багата: каля 20 падалі заяўку на ўдзел у адборачным туры, 15 спаборнічалі ў 4х паўфіналах. Цікавасць да тэмы відавочная. Гэта можна зразумець: паўстагоддзя нашым суседам з’яўляецца ўнікальнае аб’яднанне краінаў з паўмільярдным насельніцтвам. Але ў школах аб ім амаль не гавораць, тым больш, не вывучаюць. Апытанні мінакоў на вуліцах паказваюць, што людзі “не ў курсе” таго, што адбываецца за заходняй мяжой нашай дзяржавы. У афіцыйнай прэсе жыццё Еўразвязу асвятляецца аднабакова, высвечваюцца перад усім хібы і цяжкасці. Конкурс жа паказвае, што тэма для моладзі цікавая. Удзельнічаюць у ім без прымусу, а, нават, пераадольваючы рознага кшталту перашкоды.

Школьнікі з Наваградка ў БрусэліТакім чынам, 5 маладых людзей з Наваградка, працуючы, як добрая каманда, адшукалі і засвоілі шмат новай цікавай інфармацыі, якая без сумневу паўплывае на іх інтэлект, эрудыцыю, сталенне. Пазнаёміліся з біяграфіямі знакамітых кампазітараў, спевакоў, пісьменнікаў. Вельмі важнай для ўсіх нас стала праца над тэмай паўстання 1863 года. Лёсы ўдзельнікаў уражваюць нават не так самахвярнасцю, як цвярозым разуменнем і глыбокім перакананнем, што для вартага жыцця чалавеку патрэбна Радзіма. Біяграфіі многіх каліноўцаў – гэта захапляльныя прыгодніцкія сюжэты. І колькі разоў выказваліся шкадаванні, што не дакранаюцца да гэтых слаўных хвалюючых старонак нашай гісторыі цэлыя пакаленні дзяцей і падлеткаў, то бок, нашчадкаў герояў!

Для падарожжаў па Еўропе таксама вельмі карысным стаўся змест конкурсу. Ехалі і чакалі сустрэчы з Саборам св. Міхала, з фантастычнай архітэктурай Гран Плас , з адным з прыгажэйшых сярэднявечных гарадоў Еўропы – Бруге. Марылі паглядзець парк Міні Еўропа і футурыстычны Атоміум (уявіце сабе павелічэнне атамаў у 165 міліярдаў разоў!), наведаць музеі і пакаштаваць знакамітыя шакалад і брусельскія вафлі. Ішлі па вуліцах і пазнавалі сцэны са знакамітых коміксаў на мураваных сценах дамоў. Ведалі, што існуе нават пуцевадзіцель “Comic Strip Route”, які дапаможа адшукаць іх ўсех каля 40 па ўсяму гораду), калі ўзнікне такое жаданне. Бо ўсё гэта было нейкім чынам звязана з юбілеямі, альбо проста трапляляся на вока, калі чыталі пра краіну.

БрусэльПаглядзелі не ўсё, на жаль – часу было замала. Але, думаецца, ёсць яшчэ шанец. Спадзяемся, што энтузіязм арганізатараў конкурсу не вычарпаны і ў наступныя 10 гадоў нам можа ізноў усьміхнуцца шчасце. Шчыра дзякуем усіх арганізатараў за вялікую старанную працу пры падрыхтоўцы, за ўвагу да ўсіх ўдзельнікаў падчас правядзення конкурсаў.

Жадаем усім сябрам Клуба еўрапейскіх настаўнікаў і ўсім партнёрам конкурсу шчаслівага і плённага Новага году!

Фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”




09.07.2013



Што і дзе адбывалася? 8 ліпеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні адбыўся фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” Удзельнікі прайшлі складаны шлях да сённяшняй гульні: адборачны інтэрнэт-тур і хваляванні “жывых” паўфіналаў. У жорсткай канкурэнтнай барацьбе заваявалі месца ў фінале наступныя каманды: “Беларускае кола” з Наваградку, “Разам” з Маладзечна, “Еўра-М” з Магілёва і DVDend з Жодзіна.
 
Мэты конкурсу: У гэтым годзе адзначаецца 10-гадовы юбілей конкурсу і, таму тэма была адпаведная: Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты 2013: людзі, падзеі, арганізацыі”. Усе дзесяць гадоў каманда арганізатараў конкурсу працавала на пашырэнне беларускага еўрапейскага кругагляду нашых школьнікаў. Усведамленне беларусаў еўрапейцамі з багатай гісторыяй і культурай, разуменне таго, што ёсць Еўропа сёння, паважлівае стаўленне да розных народаў і культурных традыцый – галоўныя мэты Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”
 
Партнеры: Юбілейны конкурс немагчыма было б правесці ў такім цудоўным фармаце без падтрымкі нашых партнераў – Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, а таксама без удзелу Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія), Асветніцкай ўстановы “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый”, Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускага Шуманаўскага Таварыства, Грамадскай кампаніі “Гавары Праўду!”, Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Вялікі ім усім дзякуй за гэта!
 
Урачысты пачатак. У прасторнай аўдыторыі ЕГУ сябраў каманд, настаўнікаў-куратараў і гасцей конкурсу сустракалі арганізатары і вядучы – вядомы беларускі артыст Юрась Жыгамонт. Распачаў урачыстую частку мерапрыемства ідэйны натхняльнік і нязменны кіраўнік конкурсу на працягу ўсіх 10 гадоў Ігар Лялькоў – вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.На пачатку гульні ўдзельнікаў павітаў амбасадар Літоўскай рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які дыпламатычна адзначыў вялікі плён школьнага конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу?” і добрыя вынікі супрацоўніцтва.
 
А суддзі хто? Атмасфера інтэлектуальнага свята панавала на працягу ўсей гульні. Наша журы папрацавала на славу: аб’ектыўна ацэньвала конкурсныя заданні, старанна лічыла балы, давала грунтоўныя і цікавыя каментары. А судзілі гульню вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы Улад Вялічка і Алесь Лагвінец, каардынатар праграм ЕГУ Ірына Луневіч і журналіст Вадзім Александровіч. Дарэчы, высветлілася цікавая дэталь – спадарыня Луневіч была ўдзельніцай першых дзвух конкурсаў “Што я ведаю пра Еўропу?”, што вельмі ўсцешыла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.
 
Каманды цікава прадстаўляліся і віталі ўсіх прысутных. Сярод удзельнікаў заключнага этапу конкурсу аказаліся вельмі розныя каманды, адзначым адразу, сталіца ў фінал не прабілася. У Вільню прыехалі “старажылы” конкурсу тытулаваная каманда з Наваградку “Беларускае кола”(чэмпіён 2010) і настойлівыя магілёўцы з “Еўра-М”, па-добраму амбіцыйная маладзечненская “Разам” і навічкі гульні DVDend з Жодзіна.
 
Кіраўнікі. Падрыхтавалі свае каманды да інтэлектуальнага спаборніцтва найлепшыя беларускія настаўнікі: Валянціна Быстрык з Наваградку, Валянціна Сюркова з Маладзечна, Апанасевіч Святлана з Жодзіна і Юрась Каласоўскі з Магілёва. Руплівая праца і творчы падыход, пастаянны педагагічны пошук і няўрымслівасць адзначаюць гэтых педагогаў. Дзякуем за высокі прафесіяналізм настаўніцкай дзейнасці!
 
Гульня. Можна сказаць, што гэта была не гульня, а сапраўдная інтэлектуальная сеча...Ініцыятыўная група клубу еўрапейскіх настаўнікаў (арганізатары конкурсу) вельмі пастаралася, каб заданні былі разнастайныя па форме, рознаўзроўневыя па складанасці, грунтоўныя і адначасова цікавыя па зместу. Для школьнікаў былі падрыхтаваны заданні па юбілейнай геаграфіі: па зместу пытання трэба было зразумець, аб якім еўрапейскім горадзе ідзе размова і занатаваць назву горада і краіну на контурнай мапе Еўропы. Трэба адзначыць, добрыя веды наваградскіх школьнікаў, “зарабіўшых” на гэтым заданні – максімум 20 балаў і бонус за ўдакладненне. Заданне “Пазнай асобу” правярала веды аб еўрапейскіх і беларускіх юбілярах. Кожнай камандзе трэба было пазнаць па 4 асобы па падказках, размеркаваных па ўзроўнях складанасці. Магілёўцы з ходу, з самай складанай падказкі пазналі першую асобу, але лепшы вынік зноў паказалі наваградцы і, такім чынам, захапілі лідэрства. Пасля кава-паўзы гулялі трэцяе конкурснае заданне “Рэха паўстання 1863-1864 гг у Еўропе”. Школьнікам трэба было запоўніць карта-схему імёнамі і прозвішчамі ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Каманды амаль роўна паказалі вынікі каля паловы магчымага максімума ад 8 і да 12 балаў з 20. Гэта яскрава сведчыць, што ў сённяшняй беларускай школьнай адукацыі, негледзячы на 150-гадовы юбілей паўстання і яго вялікі рэзананс для беларускай гісторыі, рэха паўстання не гучыць. Чацвёртае выпрабаванне для школьнікаў было ... музычнае. З “Музычнага куфэрку” гучаў фрагмент, па якім трэба было пазнаць краіну. Музычны дыяпазон быў вельмі шырокі: ад народнай да класікі, ад року да тэхна. Найлепшымі меламанамі аказаліся маладзечненцы. Файна, што маладыя людзі маюць такі добры музычны густ і імкнуцца да разнастайнасці. Апошнім выпрабаваннем была традыцыйная Медыяазбука, дзе не страціўшыя прысутнасці духу жодзінцы згулялі на роўных з лідэрамі-наваградцамі. Спадарства, журы і арганізатары ў шчырым захапленні!
 
Вынік. Перамагла моцная і вопытная каманда “Беларускае кола” з Наваградку. Як адзначыла журы, перамога атрымалася вельмі сімвалічная: гулялі фінал ў Літве, якая ў гэтыя дні святкавала 760- годдзе каранацыі Міндоўга, першага і апошняга караля Літвы. Пры чым тут Наваградак? Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага быў Наваградак, дзе і каранавалі Мінгоўга. Вось яна, наша супольная еўрапейская гісторыя!

Падарункі і прызы. Галоўны прыз, вядома ж, атрымалі пераможцы – гэта вандроўка каманды разам з кіраўніком у Брусель. Сярод іншых прызоў былі цікавыя кнігі, музычныя і інфармацыйныя дыскі, флэшкі. Каманды-фіналісты таксама атрымалі магчымасць павандраваць па Еўропе. Гульня прайшла ў Вільні, дзе была арганізавана цікавая культурная праграма з экскурсіяй.
 
Лыжка дзёгцю. Засмуціла,што сучасныя беларускія школьнікі мала чытаюць.Напрыклад, не ўсё пазналі знакамітага французскага пісьменніка Жуля Верна. Але гэта агульная, усесветная тэндэнцыя,з якой трэба штосьці рабіць.Большую трывогу выклікае, што ніхто з маладых людзей не ведае Наталлю Арсенневу, выбітную беларускую паэтку, аўтарку гімна-малітвы аб Беларусі “Магутны Божа”. Гэта ілюструе хібы сучаснай беларускай школьнай адукацыі.Сапраўды, ёсць аб чым задумацца...Шкада, што мы не ВКЛ. Няма у нас мора” – так пажартаваў Улад Вялічка, каментуючы геаграфічныя хібы маладых сухапутных суайчыннікаў.
 
Бочка мёда. Калі б вы бачылі гэтыя заданні! (Іх можна паглядзець тут>>> , вельмі рэкамендуем праверыць сябе, сябраў, настаўнікаў, бацькоў на беларускую еўрапейскасць). Нашыя дзеці адчуваюць сябе еўрапейцамі, ганарацца багатай еўрапейскай гісторыяй і культурнай спадчынай нашай краіны! “Таму трэба працягваць працаваць: ладзіць наступны конкурс, можна з інтэрнэт-этапам і абавязкова з “жывымі” фіналамі” – ужо не жартаваў старшыня кансорцыюма “ЕўраБеларусь”. Відаць, гэта лепшае падсумаванне вынікаў конкурсу.
 
На развітанне ўсе ўдзельнікі сфатаграфаваліся на памяць аб Х Нацыянальным конкурсе школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”


Рыхтуемся да фіналу

05.06.2013


 
Конкурс 2013 года прысвечаны тэме:
“Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты 2013:
людзі, падзеі, арганізацыі”

 

Арганізацыйны камітэт Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” паведамляе, што фінальная гульня будзе уключаць наступныя конкурсныя заданні:

1 конкурс.
Юбілейная геаграфія
Камандам за 15 хвілін неабходна будзе нанесці на контурную мапу Еўропы назвы гарадоў і краін, якія яны пазнаюць з тэкста заданняў.

2 конкурс.
Пазнай асобу юбіляра
Па сказах-падказках, размеркаваных па ступенях складанасці, камандам трэба будзе пазнаць гістарычны партрэт асобы-юбіляра. На кожную асобу будзе падрыхтавана па пяць сказаў-падказак, ад самага складанага да самага простага. Каманда, якая пазнае асобу з выкарыстаннем меньшай колькасці падказак атрымае большую колькасць балаў.


3 конкурс
Рэха паўстання 1863 года ў Еўропе
Каманды за 20 хвілін мусяць запоўніць схему-табліцу. Трэба будзе напісаць імёны і прозвішчы ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якія вызначыліся ў розных падзеях і розных сферах грамадскага жыцця Еўропы ў наступныя гады.

4 конкурс.
Музычны куфэрак
Па музычных фрагментахтрэба будзе пазнаць краіны, якія з’яўляюцца радзімай гэтай музыкі.



5 конкурс.
Медыяазбука: Асобы, падзеі, арганізацыі
Па асацыяцыях, выкліканых выявамі на слайдах прэзентацыі, трэба будзе пазнаць ці асобу-юбіляра, ці памятную падзею, ці арганізацыю-юбіляра.
 
На што звяртаем увагу:
  1. Усе конкурсныя заданні ацэньваюцца па 20 балаў максімум.
  2. Эфектыўная праца над памылкамі ў паўфіналах і аналіз заданняў адборачнага этапу значна дапаможа ў падрыхтоўцы да фіналу.
  3. Музычны конкурс правярае не слых і музычныя здольнасці ўдзельнікаў, а агульную музычную эрудыцыю. Музыка будзе гучаць самая разнастайная, уключаючы народную. Музыка, якая неад’емна звязана з краінай.
  4. Для жадаючых пажартаваць раім звярнуць увагу на лідэраў ЕС.
 

Арганізатары


Аналізуем паўфіналы…

16.05.2013

 

Вось і адбыліся паўфінальныя гульні. У кожным паўфінале вызначаны пераможца. Фінал яшчэ далёка, 8 ліпеня. Здавалася, можна трошкі перадыхнуць,але не атрымаецца. Наперадзе ў некаторых сябраў каманд апошні званок, школьныя экзамены, выпускная вечарына, цэнтралізаванае тэсціраванне… Пра працу настаўнікаў напрыканцы навучальнага года я і не кажу… Але думаем нашыя невялікія нататкі будуць цікавымі для вас.

Паважаныя фіналісты! Гэта табліца дасць магчымасць параўнаць сваю каманду з канкурэнтамі. Нагадваем, каманды прайшлі праз выпрабаванні 4 конкурсаў:

  • Першы конкурс: пісьмовы тэст па гісторыі ЕС
  • Другі конкурс: брэйн-рынг на юбілейных і памятных датах краін ЕС
  • Трэці конкурс: заданне па нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-1864 гг.
  • Чацвёрты конкурс: медыяазбука “Беларусь і Еўропа: асобы-юбіляры 2013”.

На што звяртаем увагу:

  1. Для ўсіх паўфіналаў былі аднолькавыя заданні.
  2. Максімальная колькасць балаў за кожны конкурс 25 балаў.

 

Назва каманды Еўра-М Беларускае кола Разам DVDend
Першы этап 21 21 19 17
Другі этап 14 12 8 10
Вынік 2-х этапаў 35 33 27 27
Трэці этап 13 19 18 14
Вынік 3-х этапаў 48 52 45 41
Чацвёрты этап 16 21 19 17.5
Агульны вынік 64 73 64 58.5

 

Цікавая інфармацыя для роздуму?

Заданні паўфіналаў глядзіце на нашым сайце тут>>>.

Чакайце нашых абвестак аб фармаце паўфіналаў.

Жадаем поспехаў!

Арганізатары


Як прайшоў другі паўфінал…

13.05.2013

 

У святочны дзень - у Беларусі адзначалі Свята Перамогі, а краіны ЕС – Дзень Еўропы, мы сабраліся разам у Гародні, каб правесці другі паўфінал юбілейнага, Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”. У інтэлектуальнай гульні сышліся каманда з Ліды “Разам”, каманда “Беларускае кола” з Наваградка і каманда з вёскі Бердаўка Лідскага раёна “Рада”. Падрыхтавалі каманды да спаборніцтва найлепшыя настаўнікі Яўген Жвірко, Валянціна Быстрык і Галіна Альшэўская.
Наш конкурс немагчыма было б правесці без падтрымкі нашых партнераў – Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, а таксама без удзелу Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія), Асветніцкай ўстановы “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый”, Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага Шуманаўскага Таварыства. Вялікі ім усім дзякуй за гэта!
Вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юрась Жыгамонт, як заўсёды, цудоўна ствараў атмасферу свята для ўсіх прысутных. Усміхалася і наша журы, у склад якога ўвайшлі вядомы грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч, журналіст Вадзім Александровіч і гісторык Таццяна Касатая. Журы не толькі ацэньвала адказы, лічыла балы ды сачыла за рэгламентам гульні, а яшчэ вельмі цікава каментавала спаборніцтва.
У юбілейны год конкурсная тэма адпаведная - “Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты: людзі, падзеі, арганізацыі. Каманды прайшлі праз выпрабаванні 4 конкурсаў: пісьмовы тэст па гісторыі ЕС, брэйн-рынг на юбілейных і памятных датах краін ЕС, заданне па нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-1864 гг., медыяазбука “Беларусь і Еўропа: памятныя даты і юбілеі 2013”.
Пасля выканання пісьмовага тэста лідэрства захапіла вопытная каманда з Наваградка “Беларускае кола”, дарэчы, яе капітан Уладзіслаў стаў лепшым гульцом гродзенскага паўфіналу. Каманды-навічкі вымушаны будуць зрабіць працу над памылкамі, бо заданні тэста пераклікаліся з заданнямі адборачнага этапа. У традыцыйных конкурсных спаборніцтвах - брэйн-рынгу і медыяазбуцы лепшымі былі таксама навагародцы.З заданнем па паўстанню К.Каліноўскага добра справіліся ўсе каманды, бо Гродзеншчына – гэта сапраўднае ягонае сэрца. Па выніках гульні пераможца конкурсу 2010 “Беларускае кола”зноў у фінале 2013! Другое месца ў каманды з Ліды “Разам”, а трэцяе ў каманды “Рада” з Бердаўкі. Сардэчна віншуем пераможцаў і ўдзельнікаў! Дарэчы, адзначым, што навічкі спаборніцтва паабяцалі ў наступным годзе пазмагацца за галоўны прыз. Шоў працягваецца!
Пасля гульні сябры журы падзяліліся сваімі ўражаннямі. Спадабалася цёплая атмасфера сустрэчы і зацікаўленасць школьнікаў еўрапейскай тэматыкай. Выклікае занепакоенасць, што нашыя школьнікі лепш ведаюць знакамітых еўрапейцаў, чым сваіх выбітных суайчыннікаў. Адзначым таксама, што наша журы даволі самакрытычнае: некаторыя сябры нават выказалі сумненні ва ўласных ведах па пэўных пытаннях конкурсных заданняў…
Наступныя паўфіналы конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу?” адбыліся ў Мінску 12 мая. Чакайце наш рэпартаж!

Арганізатары


Дадатковая інфармацыя