Прызавое падарожжа каманды-пераможца XI конкурсу ў Польшчу

Нататкі кіраўніка каманды – пераможцы мінулагодняга конкурса “Беларускае кола” (г.Навагрудак) Валянціны Быстрык пра прызавое падарожжа каманды ў Польшчу

Пераможцы XI конкурсу - каманда з Навагрудку

Наша паездка адбывалася з 30 красавіка па 2 мая 2015. Мы пабывалі на поўначы Польшчы, наведаўшы Гданьск, Гдыню, Сопат і Мальбарк. Перанесціся з наваградскіх узгоркаў да мора, нязвыклай для нас стыхіі,  моцнае перажыванне. У іх, на поўначы, у пачатку мая ўсё ўжо ў квецені: дзьмухаўцы, браткі, магноліі. Разумееш, што такое  клімат Балтыйскага ўзбярэжжа.

Два экскурсііныя дні былі прысвечаны грунтоўнаму знаёмству з самымі цікавымі месцамі Труймесця (Гданьск, Гдыня і Сопат зліліся фактычна ў адну вялікую агламерацыю): касцёлам Святой Панны Марыі (другім пасля Кёльнскага па памерах еўрапейскім саборам), Дваром Артуса, фантанам “Няптун”, партовым кранам “Жораў”, Крывым Домам, паруснікам”Дар Памор’я” і караблём-музеем “Блыскавіца”. Да таго ж, паслухалі знакаміты арган у самым доўгім у свеце цыстэрыянскім касцёле, прагуляліся па самым доўгім у Еўропе  сопацкім драўляным моле.

А ў першы дзень мы пабывалі ў Мальбарку. Аб гэтым успамінае Ліза: ”Мальбарк- самы вялікі цагляны замак у Еўропе. Яго памеры мяне вельмі ўразілі. Ён настолькі вялікі, што ўбачыць яго цалкам можна толькі з другога берага ракі, альбо з вышыні птушынага палёту. Нам пашчасціла быць у Мальбарку ў святочныя дні, калі тут праходзілі рыцарскія турніры. Вакол- натоўпы людзей у старажытным убранні. Здаецца, што апынуўся ў сярэднявеччы. Намёты, прыгожыя сувеніры са скуры, металу, велізарных памераў хлябы, пры тым- вельмі смачныя.

Замак- цэлая дзяржава з кухнямі, сістэмай ацяплення, водазабеспячэння. Успамінаецца раман Вольгі Іпатавай  “Знак Вялікага Магістра”, многія падзеі якога адбываюцца тут. Замак апісваецца ў рамане даволі падрабязна. Глядзіш   і пазнаеш шмат чаго, дзякуючы аўтарцы.

Мне запомнілася, як я сядзела на сапраўдным троне. Па-праўдзе, мне не вельмі спадабалася. Жорсткі – доўга не пасядзіш.

У музеі бурштыну бачылі шмат неверагодна прыгожых  рэчаў. Вельмі здзіўляе, што гэта прыгажосць была створана так даўно, што людзі былі такімі ўмелымі майстрамі і што і нам гэтыя рэчы і сёння вельмі даспадобы.

Крыўдна, што падчас  Другой Сусветнай вайны замак быў амаль цалкам разбураны. На шчасце, сучасныя майстры яго адбудавалі і ён мае сёння першапачатковы выгляд. Рэканструкцыя працягваецца і сёння, таму некаторыя яго часткі мы зможам убачыць толькі пры наступным наведванні.

Калі вы любіце вандраваць, абавязкова наведайце Мальбарк. Гэта вельмі прыгожае месца”.

 

Адбыўся фінал ХI Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

8 лістапада 2014 г. у самым цэнтры старажытнай Вільні, фактычна ў мурах яе Старога горада, прайшла фінальная гульня ХI Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

Удзельнікі фіналу папярэдне прайшлі трохэтапны інтэрнэт-адбор, які складаўся з аналітычных і даследчых заданняў, пошуку правільных адказаў на гістарычныя, эканамічныя, сацыялагічныя і паліталагічныя пытанні.

У жорсткай канкурэнтнай барацьбе месца ў фінале заваявалі наступныя каманды: “Беларускае кола” з Навагрудка, “Сакуны” з Бокшыцкай сярэдняй школы (в. Заполле Слуцкага р-ну), “Еўра-М” і “Вандроўніцы” з Магілёва, “Вандроўнікі”з Башнёўскай сярэдняй школы (в. Башні Шумілінскага р-ну).

Вітальнае слова Дайнораса ЖукасаУ гэтым годзе адзнаўся 10-гадовы юбілей знаходжання ў Еурапейскім Саюзе краін, якія далучыліся да гэтай ўнікальнай супольнасці ў 2004 годзе. Таму асноўная тэма сёлетняга конкурса гучала так: “Што мы ведаем пра 10 краін Еўрапейскага Саюза, якія далучыліся да ЕС у 2004 годзе?”. Мэтай нашага адзінаццатага конкурса было дапамагчы беларускім школьнікам даведацца, што адбываецца за заходнімі і паўночнымі межамі Беларусі, каб лепей уяўляць рэаліі нашых блізкіх і далёкіх суседзяў і мець магчымасць убачыць Беларусь праз прызму гэтых новых ведаў. У гэтым годзе арганізатары таксама не маглі абыйсці сваёй увагай і такую гадавіну, якая шырока адзначалася ва ўсей Еўропе – 100-годдзе з дня пачатку Першай сусветнай вайны, тым болей што падзеі гэтай вайны сталіся важным этапам у гістарычным развіцці ўсіх тых дзесяці краін, якія ў 2004 годзе сталі сябрамі ЕС. І гэтыя тэма таксама знайшла сваё адлюстраванне ў конкурсных заданнях папярэдніх этапаў і фінала.

Варта адзначыць, што сёлетні конкурс немагчыма было б правесці ў такім цудоўным фармаце без падтрымкі зацікаўленых у паглыбленні ведаў пра Еўропу у беларускіх школьнікаў партнераў – Пасольства Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія) і Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”. Арганізатары конкурса выказалі ім усім вялікую падзяку за дапамогу.

Працуе журыПершым чальцоў каманд-фіналістак, настаўнікаў-куратараў і гасцей конкурса прывітаў яго ідэйны натхняльнік і нязменны кіраўнік аргкамітэта на працягу ўсіх 11 гадоў, намеснік старшыні партыі БНФ і ГА “БНФ “Адраджэньне”” Ігар Лялькоў (“па сумяшчальніцтву” ён жа выступаў і вядучым сёлетняга фіналу). Вітальнае слова ад імя краіны, якая ўжо чацверты год запар прымае фінальную гульню спаборніцтва сказаў загадчык аддзела ў Дэпартаменце Еўрапейскага Саюза МЗС Літвы Дайнорас Жукас. Ён адзначыў вялікую карысць школьнага конкурса “Што я ведаю пра Еўропу?” для кшталтавання еўрапейскай свядомасці ў маладых беларусак і беларусаў і пажадаў поспехаў усім удзельнікам. Да гэтых пажаданняў далучылася таксама прадстаўніца даўняга і вернага партнера конкурса, - чэшскай Асацыяцыі па міжнародных пытаннях, - Здэнка Вагнерава.

Прысутным было прадстаўленае строгае але справядлівае журы фінальнай гульні, якое ў гэтым годзе складалася з вядомага беларускага палітыка і палітолага, намесніка старшыні ПАГА “Рух за Свабоду” Алеся Лагвінца, знанай спецыялісткі ў галіне грамадзянскай адукацыі, сябра праўлення Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Таццяны Пашэвалавай і настаўніцы са шматгадовым стажам, чые каманды рэгулярна бяруць удзел у конкурсе “Што я ведаю пра Еўропу?” Галіны Сыраежкінай.

Каманды прадстаўляліся самі і віталі ўсіх прысутных. Сярод удзельнікаў фінальнай стадыі конкурса аказаліся вельмі розныя калектывы. У Вільню прыехалі і “старажылы” спаборніцтваў тытулаваная каманда з Навагрудка “Беларускае кола” (пераможцы конкурса 2010 і 2013 гадоў), і шматразовыя “срэбныя прызёры”, настойлівыя магілёўцы з “Еўра-М”, і вельмі светлыя каманды дзяўчат “Вандроўніцы” з Магілёва і “Вандроўнікі” з вёскі Башні Шумілінскага раёну, і мэтанакіраваныя дзяўчаты і хлопцы з каманды “Сакуны” са Случчыны. 

Конкурсныя заданні фіналу былі падрыхтаваныя такім чынам каб праверыць і замацаваць веды атрыманыя школьнікамі падчас адборачных этапаў ды пашырыць іх веды аб краінах, што далучыліся да ЕС у 2004 г. (“краіны 10-кі”) пад час падрыхтоўкі да конкурсных заданняў “Пазнай краіну” і “Апішы краіну”, а таксама  медыяазбукі “Славутыя людзі 10-кі”.Гульня атрымалася напружанай і эмацыянальнай, на розных этапах перамагалі  розныя каманды. Кожная з іх дэманстравала волю да перамогі, нягледзячы на часовыя няўдачы. Атрымалася сапраўднае захапляльнае інтэлектуальнае спаборніцтва, але ў выніку перамог досвед – моцная і дасведчаная каманда “Беларускае кола” упершыню ў гісторыі конкурса стала яго трохразовым пераможцам.



Нельга не адзначыць і тое, што падрыхтавалі свае каманды да гэтага свята ведаў і інтэлекту найлепшыя беларускія настаўнікі: Валянціна Быстрык з Навагрудка, Наталля Бартошык з Бокшыцкай СШ, што месціцца у аг. Заполле, Марына Аляксеенка з Башнёў, Юрась Каласоўскі і Галіна Зяткіна з Магілёва. Руплівая праца і творчы падыход, пастаянны педагагічны пошук і няўрымслівасць адзначаюць гэтых педагогаў. Арганізатары конкурса выказалі ім шчырую падзяку за высокі прафесіяналізм у настаўніцкай дзейнасці.

Вялікі дзякуй усім удзельнікам адборачных этапаў і фіналу за добрую атмасферу, якасную падрыхтоўку і волю да перамогі. Усяго найлепшага!


 

З павагай, Арганізацыйны камітэт ХI Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

Агульная табліца сёлетняга конкурса


Назва каманды Балы за 1-ы этап
Балы за 2-гі этап
Балы за за 3-ці этап
Агульная колькасць балаў Прэзентацыі каманд
“Вандроўнікі” (Башні, Шумілінскі р-н) 31 34 31,5 96,5
“Беларускае кола” (Навагрудак) 29 31 26 86
“Еўра – М” (Магілеў) 21 33 31 85
“Вандроўніцы” (Магілеў) 26 29 26 81
"Сакуны"
(Заполле, Слуцкі р-н)
8 33 15,5 56,5
“Волна” (Барысаў) 13 25 18 56
DVDend (Жодзіна) 32 0 21 53
“Вандроўнікі” (Магілеў) 26 0 0 26
“Еўракактэйль” (Барысаў) 18 0 0 18
“Гоман” (Жодзіна) 7 0 0 7
“RealWoman” (Магілеў) 3 0 0 3
"Enjoy.BY" (Жодзіна) 3 0 0 3

Фінальная гульня ХІ Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

Шаноўныя пераможцы папярэдняй стадыі конкурса!

Віншуем вас з гэтым дасягненнем і прапануем апісанне заданняў сёлетняй фінальнай гульні, якая пройдзе 8 лістапада.

 

Тэма фінальнай гульні:

“Што мы ведаем пра 10 краін Еўрапейскага Саюза, якія далучыліся да ЕС у 2004 годзе?”

Падрабязней...

ВЫНІКІ трэцяга этапу ХІ Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

6.10.2014

Шаноўныя сябры!

Прапануем вашай увазе правільныя адказы на пытанні трэцяга, заключнага, этапу нашага конкурса.

Падрабязней...

Падкатэгорыі

Дадатковая інфармацыя