Пытанні і правільныя адказы адборачнага тура Другога Нацыянальнага конкурса моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

І. Гісторыя кнігадрукавання ў Еўропе і ў Беларусі

1. Агульнапрызнаным вынаходнікам кнігадрукавання ў Еўропе лічыцца немец Іаган Гутэнберг (каля 1440 г.). Аднак у адным з еўрапейскіх гарадоў можна пабачыць адразу некалькі помнікаў ураджэнцу гэтага горада, які, згодна з мясцовай традыцыяй, распачаў тут кнігадрукаванне раней за Гутэнберга, яшчэ ў 20-х гг. XV ст.

Пра якую асобу вядзецца гаворка?

У галандскім горадзе Харлем традыцыйна лічыцца, што мясцовы ўраджэнец Лаўрэнс Янсан Кастэр вынайшаў кнігадрукаванне раней за Гутэнберга. У горадзе ёсць некалькі помнікаў гэтай асобе.

 

2. У 1481 годзе ў Лондане выйшла друкам кніга іспанскага тэолага Антонія Андрэаса “Метафізічныя пытанні аб дванаццаці кнігах Арыстоцеля”.

Якое дачыненне мае гэтая падзея да гісторыі кнігадрукавання Вялікага княства Літоўскага?

Названая кніга была першай, якую надрукаваў у Лондане адзін з англійскіх першадрукароў Джон Літаў (John Lettou). Многія даследчыкі лічаць: яго імя і прозвішча ўказваюць на тое, што ён быў ураджэнцам Вялікага княства Літоўскага і, такім чынам, першым вядомым друкаром, які паходзіў з земляў ВКЛ.

 

3. Вядома, што першая друкаваная кніга кірылічнымі літарамі была выдадзеная ў 1491 г. у Кракаве Швайпольтам Фіёлем. Гэта быў богаслужбовы царкоўнаславянскі “Актоіх” (альбо “Васьмігласнік”). Але самы першы кнігадрук на славянскай мове пабачыў свет паміж 1468 і 1476 г.г. І гэта быў цалкам свецкі твор – пераклад вядомага рыцарскага раману!

Што гэта за кніга і дзе яна была надрукаваная?

“Траянская хроніка”, - пераклад на чэшскую мову вядомага рыцарскага рамана, - была надрукаваная ў Пльзені паміж 1468 і 1476 г.г.

 

4. Большасць гісторыкаў пагаджаецца з тым, што сваю выдавецкую дзейнасць у Празе ў 1517-1519 г.г. Францыск Скарына ажыццяўляў не ва ўласнай друкарні, а ў арэндаванай у аднога з мясцовых кнігавыдаўцоў. Існуе дзве асноўныя гіпотэзы наконт таго, каму належала гэтая тыпаграфія. Адзін з патэнцыйных арэндадаўцаў Скарыны быў вядомым тагачасным пісьменнікам і друкаром, адным з выдаўцоў “Чэшскай хронікі” (1510); другі – заснавальнікам цэлай дынастыі чэшскіх друкароў (існавала ў 1488 – 1577 г.г.), сын якога ажыццявіў некалькі выданняў чэшскамоўнай Бібліі і выдаў другую ў гісторыі друкаваную чэшскую кухарскую кнігу.

Ці маглі б вы назваць прозвішча хаця бы аднога з гэтых людзей?

За абодва правільна названыя прозвішчы будзе налічаны дадатковы бал!

Вядомы гісторык кнігадрукавання ў Чэхіі Алена Мнагалетняя мяркуе, што арэндадаўцам “скарынаўскай” друкарні мог быць вядомы пісьменнік і друкар Мікулаш Конач. На думку ж выкладчыка Карлава ўніверсітэта ў Празе Івана Лямёшкіна месца, дзе Скарына друкаваў свае першыя кнігі, – гэта “тыпаграфія купца Севярына, якая была заснаваная да 1488 года”, і дзе была выдадзеная першая ў гісторыі “Біблія” на славянскай мове – чэшскамоўная “Пражская Біблія”. У чэшскай гістарыяграфіі гэтая асоба вядомая як Севярын Рамеснік – заснавальнік так званай “севярынска-касоржскай дынастыі” чэшскіх друкароў.

 

5. Пасля перанясення свайго выдаўніцтва ў Вільню, Францыск Скарына займеў ужо ўласную друкарню – у доме старшыні Віленскага гарадскога магістрата Якуба Бабіча на Рынкавай плошчы. Тут былі выдадзеныя першыя кнігадрукі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага – “Малая падарожная кніжка” (1522) і “Апостал” (1525). Маюцца дакладныя звесткі пра тое, што і жыў наш першадрукар у гэты час недалёка ад сваёй друкарні.

А як зараз афіцыйна называецца тая вуліца ў Вільні, дзе стаяла камяніца, у якой тады жыў Францыск Скарына?

Вядома, што ў Вільні “Францыск Скарына ажаніўся з Маргарытай, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вуліцы недалёка ад палаца князёў Слуцкіх”. Нямецкая вуліца зараз афіцыйна называецца вуліца Вокечю (Vokiečių gatvė).

А на цяперашняй вуліцы Дыджёю (на скрыжаванні з вуліцай Стыклю) у камяніцы Якуба Бабіча месцілася скарынаўская друкарня.

 

6. Гэтая створаная ў VII ст. ды вядомая ва ўсім свеце (у тым ліку і ў шматлікіх мясцінах сучаснай Беларусі) кніга ўпершыню з’явілася ў друкаваным выглядзе толькі ў 1543 годзе ў Базэлі, і толькі ў перакладзе на лацінскую мову. Прадмову да гэта выдання напісаў Марцін Лютэр.

Якая кніга мела гонар займець такога выбітнага прадмоўцу?

Гэта - “Каран”. Яго першае друкаванае выданне ў перакладзе на лацінскую мову і з прадмовай Марціна Лютэра пабачыла свет у Базэлі ў 1543 годзе.

 

7. Першы друкаваны пераклад “Бібліі” на польскую мову быў выдадзены ў Кракаве ў 1561 годзе. А вось другі ды трэці пераклады надрукаваныя ў Беларусі – у 1563 і 1572 г.г.

У якіх гарадах Беларусі знаходзіліся друкарні, што ажыццявілі гэтыя выданні?

За правільна названыя прозвішчы выдаўцоў будзе налічаны дадатковы бал!

Другі пераклад “Бібліі” на польскую мову быў надрукаваны ў Брэсце ў 1563 годзе (“Брэсцкая Біблія”). Трэці пераклад, вядомы пад назвай “Нясвіжская Біблія” або “Біблія Сымона Буднага”, выдадзены ў Заслаўі альбо Ўздзе ў 1572 годзе. Іх выдаўцамі былі, адпаведна, Цыпрыян Базылік і Мацей Кавячынскі.

 

8. 24 ліпеня 2018 г. будзе адзначацца 400-годдзе выдання першай у свеце кнігі пад гэтай знаёмай усім з дзяцінства назвай. 24 ліпеня 1618 г. яна была выдадзена ў Вялікім княстве Літоўскім у друкарні, якую заснаваў праваслаўны палкоўнік ВКЛ – камандуючы войскам Княства на заключным этапе Лівонскай вайны супраць Расіі ў 1577-1582 г.г.

Як называецца гэтая кніга?

Першая кніга пад назвай “Буквар” была выдадзеная ў 1618 годзе ў друкарні Святадухавага брацтва ў Еўі (зараз – Вевіс у Літве), заснаванай палкоўнікам войска ВКЛ князем Багданам Агінскім у 1611 г.

 

9. У гэтым уніяцкім манастыры ў 1692 – 1803 г.г. дзейнічала буйнейшая друкарня на трэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. За часы яе існавання тут было выдадзена 456 найменняў кніг, у тым ліку 60 на старабеларускай мове. Гэта – адзіная друкарня ў свеце, дзе ў XVIIІ ст. выдаваліся кнігі па-беларуску!

Як называецца манастыр (цяпер – праваслаўны), у якім дзейнічала гэтая друкарня?

Гэта – Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр, які знаходзіцца ў г. Супраслі (зараз – Падляскае ваяводства, Польшча).

 

10. У канцы XVIII ст. гэты горад быў адным з сусветных цэнтраў яўрэйскага Асветніцтва (Хаскалы). У 1783 годзе тут была заснаваная першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі яўрэйская друкарня, а ў пачатку XIX ст. – яшчэ дзве.  Усяго да 1835 года тут было выдадзена болей за 210 назваў кніг на яўрэйскай мове.

Пра які горад ідзе гаворка?

Гаворка ідзе пра горад Шклоў.

 

ІІ. Беларускі ўнёсак у агульнаеўрапейскую культуру

 

1. Гэтая жанчына нарадзілася каля 1405 г., яе дзяцінства і ранняе юнацтва прайшлі на тэрыторыі сённяшняга Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Вядомая, паміж іншым, тым, што была “singularis protector” (“адзіным заступнікам”) аднога з еўрапейскіх універсітэтаў і фундатаркай будаўніцтва капліцы ў катэдральным касцёле адной з тагачасных еўрапейскіх сталіц.

Як звалі гэтую жанчыну?

Гэта – Соф’я Гальшанская. Прадстаўніца роду князёў Гальшанскіх, дзяцінства і ранняе юнацтва правяла ў Друцку (цяпер – Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у валоданнях дзядзькі – князя Сямёна Друцкага. У выніку шлюбу з Ягайлам (каралём Польскім Уладзіславам ІІ Ягелонам) сталася каралевай Польшчы, потым – каралевай-маці пры сваіх сынах: каралях Уладзіславе ІІІ і Казіміры IV Ягелоне. Была “адзіным заступнікам” Кракаўскай Акадэміі (зараз – Ягелонскі ўніверсітэт) і фундатаркай капліцы Святой Троіцы ў Вавельскім катэдральным касцёле ў Кракаве.

 

2. Гэты выдадзены ў 1601 г. у Брунсбергу (сучаснае Бранева) на лацінскай мове твор аўтарства выхаванца пратэстанцкай гімназіі ў Нясвіжы быў адным з найбольш папулярных ва Ўсходняй Еўропе XVII – XVIII ст.ст. З часу першай публікацыі ён вытрымаў каля 20 перавыданняў на лацінскай, польскай, нямецкай, рускай і беларускай мовах.

Пра які твор вядзецца гаворка?

“Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю” Мікалая Крыштафа Радзівіла, званага Сіроткам.

 

3. Адзін з аўтараў славутай “Энцыклапедыі” Дыдро і Д’Аламбера, вядомы ва ўсёй тагачаснай Еўропе музыкант, сябра Віёці ды Гайдна, значную частку свайго жыцця правёў на Гарадзеншчыне, дзе стварыў уласны тэатр, для якога спецыяльна напісаў  чатыры оперы. Вядомы таксама як дзяржаўны дзеяч і ваеначальнік.

Што гэта за асоба?

Міхал Казімір Агінскі быў найвядомейшым дзяржаўным і ваенным дзеячам Вялікага княства Літоўскага ў канцы XVIII ст., займаў пасады ваяводы Віленскага і вялікага гетмана Літоўскага. Але ў гісторыі культуры Беларусі застаўся як паэт, музыка і кампазітар, заснавальнік опернага тэатра, музычнай капэлы і "Дэпартамента балетных дзяцей" у Слоніме, аўтар напісаных адмыслова для свайго слонімскага тэатра опер “Зменены філосаф”, “Елісейскія Палі”, “Сілы свету”, “Становішча саслоўяў”, а таксама артыкула пра арфу ў “Энцыклапедыі” Дзідро і Д’Аламбера.

 

4. Народжаны ў 1800 г. у цяперашнім Маладзечанскім раёне, выхаванец школы пры ўніяцкім манастыры ў в. Баруны (цяпер – Ашмянскі раён) і Маладзечанскай павятовай школы, ён з 1826 г. стала жыў у Парыжы і з’яўляецца аўтарам некалькі сотняў гістарычных, геаграфічных, статыстычных навуковых прац на французскай мове. Займаўся таксама выданнем літаратурных твораў, у тым ліку ў 1828 г. выдаў зборнік твораў А. Міцкевіча. Быў адзіным з народжаных у Беларусі вядомых сябраў прэстыжнага навуковага таварыства – Акадэміі Станіслава, заснаванай у 1750 г. у Нансі былым вялікім князем Літоўскім Станіславам Ляшчынскім.

Хто гэты чалавек?

Колішні сябра таварыстваў філаматаў і філарэтаў Леанард Ходзька ў Францыі быў сябрам Каралеўскай акадэміі ў Нансі (зараз – Акадэмія Станіслава), Філатэхнічнага таварыства, Геаграфічнага таварыства і Французскага таварыства ўніверсальнай статыстыкі ў Парыжы.

 

5. Ураджэнец Віцебшчыны, выпускнік Віцебскай гімназіі; чалец Французскай акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю; заснавальнік друкарні ў Татэнхэме (прыгарад Лондана); аўтар паэтычных твораў (у тым ліку і па-беларуску); мастак, які сам афармляў свае кнігі; адзін з піянераў фотамастацтва ў Вялікабрытаніі.

Да якой асобы адносяцца ўсе гэтыя біяграфічныя звесткі?

Гэтыя звесткі адносяцца да асобы Аляксандра Рыпінскага.

 

6. 2 сакавіка 1939 г. у французскім горадзе Фантэнбло раптоўна памёр славуты паэт і дыпламат, кавалер Ордэна Ганаровага легіёна, дзядзька і настаўнік будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі. З 1966 г. у Францыі дзейнічае “Таварыства сяброў” гэтай асобы, якое выдае прысвечаныя яго творчасці “Сшыткі”.

А якое дачыненне мае гэты чалавек да колішняга невялікага мястэчка, а цяпер аграгарадка на ўсходзе Беларусі?

 У цяперашнім аграгарадку Чарэя Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці (вядомы з 1454 г., спачатку як горад, потым – як мястэчка і вёска) 28 мая 1877 года нарадзіўся Оскар Мілаш – “літоўскі франкамоўны паэт”, пісьменнік, драматург, вучоны-арыенталіст, перакладчык, дыпламат, родны дзядзька і настаўнік будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша.

 

7. Вельмі заслужаны для беларускага нацыянальнага руху чалавек шмат гадоў працаваў архітэктарам у суседняй еўрапейскай дзяржаве. Па яго праектах там пабудавана каля 20 фундаментальных будынкаў, у адным з якіх зараз знаходзіцца адзін з вядучых драматычных тэатраў краіны. У 1940-50-х г.г. тройчы арыштоўваўся савецкімі ўладамі як “беларускі нацыяналіст”. Пахаваны на могілках, якія называюць “пантэонам выбітных людзей” у цэнтры горада, дзе правёў большую частку жыцця.

Як звалі гэтага чалавека?

Паводле меркавання большасці даследчыкаў, Клаўдзій Дуж-Душэўскі лічыцца аўтарам бела-чырвона-белага сцяга – дзяржаўнага сцяга Беларускай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь (у 1991 – 1995 г.г.). З 1921 г. жыў у Літоўскай рэспубліцы і, як архітэктар, спраектаваў будынак кінатэатра “Метрапалітэн” у Каўнасе (зараз гэта будынак Каўнаскага драматычнага тэатра), будынкаў радыёстанцый у Клайпедзе і Сіткунае, паштамтаў у Шаўляе, Нідзе, Расейняі ды іншых будынкаў у Літве, а таксама помнік 10-годдзю незалежнасці Літоўскай рэспублікі ў Акмяне. Пахаваны ў Каўнасе на Пятрашунскіх могілках.

 

8. Амедэа Мадыльяні намаляваў яго партрэт, Пабла Пікаса павесіў у сваёй майстэрні яго карціну “Парыж уначы” і быў адным з трох чалавек, якія ішлі за яго труною ў акупаваным немцамі Парыжы ў жніўні 1943 г. Адзін з самых вядомых у свеце мастакоў-ураджэнцаў Беларусі доўгія гады быў амаль невядомы на Радзіме, а да 2012 г. ніводнага яго твора не было ў нашых мастацкіх зборах. І толькі ў 2008 г. пры дапамозе ЮНЕСКА з’явілася першая прысвечаная гэтаму мастаку музейная экспазіцыя ў месцы, дзе ён нарадзіўся і жыў да 14 гадоў.

У якім населеным пункце Беларусі знаходзіцца гэтая музейная экспазіцыя?

Гэтая экспазіцыя знаходзіцца ў Цэнтры дзіцячай творчасці г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Яна прысвечана ўраджэнцу Смілавічаў, адному з найбольш славутых мастакоў-экспрэсіяністаў свету і  называецца “Прастора Хаіма Суціна”.

 

9. Аўтар музыкі да аднаго з найбольш вядомых беларускіх музычных твораў ХХ ст., у пачатку 1950-х гадоў шмат гастраляваў па Заходняй Еўропе ў якасці кіраўніка хору беларускіх студэнтаў, а таксама выдаваў там грамафонныя кружэлкі з запісамі беларускіх свецкіх і рэлігійных песень.

Кім быў гэты папулярызатар беларускай песні на Захадзе?

Аўтар музыкі да аднога з найвядомейшых беларускіх музычных твораў ХХ ст., - гімна “Магутны Божа” (на словы Н. Арсенневай), - Мікола Равенскі з 1950 года жыў у Бельгіі. У Лювенскім універсітэце ён стварыў ансамбль беларускай музыкі ды студэнцкі беларускі хор, з якімі шмат гастраляваў па Заходняй Еўропе.

 

10. Гэты беларускі пісьменнік найчасцей з усіх нашых творцаў перакладаўся на замежныя еўрапейскія мовы (ангельскую, італьянскую, нямецкую, польскую, славацкую, французскую, чэшскую). Яго намінацыю на Нобелеўскую прэмію падтрымлівалі, паміж іншымі, нобелеўскія лаўрэаты Чэслаў Мілаш ды Іосіф Бродскі. Напрыканцы жыцця некалькі год знаходзіўся ў эміграцыі ў Фінляндыі, Германіі, Чэхіі, але памер і пахаваны ў Беларусі.

Што гэта за пісьменнік?

Гэта - Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў.

 

ІІІ. Унёсак ураджэнцаў іншых еўрапейскіх краін у культуру Беларусі

 

1. Вядомы ў свой час музыка і кампазітар нарадзіўся ў цяперашнім горадзе Брашаў у Румыніі (тагачасная Трансільванія) каля 1507 г. У 1549 – 1566 г.г. быў прыдворным музыкам вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта Аўгуста, меў сталае месца жыхарства ў ВКЛ, але шмат гастраляваў па ўсёй Еўропе (Гданьск, Аўгсбург, Ліён, Рым, Венецыя, Кёнігсберг). За гэты час былі выдадзеныя друкам 2 сборнікі яго твораў – у Ліёне (1553) і Кракаве (1565). Потым жыў і працаваў пры імператарскім двары ў Вене і ў Венгрыі, апошнія гады жыцця правёў у Падуі.

А які музычны інструмент, якім ён віртуозна валодаў, прынёс яму гэткую вядомасць і славу?

Прыдворны музыка вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта Аўгуста Валянцін (Балінт) Грэф Бакфарк праславіўся як адзін з найвялікшых у свой час віртуозаў ігры на лютні. Кампазітарская творчасць Бакфарка лічыцца адным з найвялікшых дасягненняў еўрапейскай лютневай музыкі XVI ст.

 

2. У XVI ст. горад Гродна лічыўся адным з цэнтраў духоўнага яўрэйскага жыцця ва Ўсходняй Еўропе. У немалой ступені да гэтага спрычынілася і тое, што на працягу 1572 – 1588 г.г. галоўным рабінам горада быў вядомейшы тагачасны талмудыст, філосаф і навуковец.

Як звалі гэтага ўраджэнца чэшскай Прагі?

Гэтага чалавека звалі Мардэхай Яфе. Дарэчы, на яго замову італьянскі архітэктар Санці Гучы пабудаваў у 1575-1580 г.г. першую каменную сінагогу ў Гродна (зараз на яе месцы знаходзіцца Вялікая харальная сінагога на Вялікай Траецкай вуліцы).

 

3. На працягу сваёй 40-гадовай працоўнай кар’еры (1564 – 1605 г.г.) гэты італьяскі архітэктар паўдзельнічаў у пабудове некалькіх дзясяткаў кляштароў, касцёлаў і калегіюмаў у Рыме, Неапалі, Абруцца, Кальяры, Познані, Любліне, Кракаве ды іншых гарадах Еўропы. Але помнік яму стаіць у беларускім Нясвіжы.

Чым вы гэта патлумачыце?

Джавані (Ян) Марыя Бернардоні заслужыў на помнік у Нясвіжы, бо менавіта касцёл Божага Цела ў гэтым беларускім горадзе, - першы езуіцкі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і радавы магільны склеп князёў Радзівілаў, - стаўся галоўнай працай у яго творчасці ды адным з найлепшых твораў стылю барока ў Беларусі.

 

4. Генерал (кіраўнік) аднога з каталіцкіх Ордэнаў, які нарадзіўся ў 1749 годзе ў гістарычнай сталіцы Прускага каралеўства, атрымаў сваю адукацыю ў Слуцку, Нясвіжы, Мінску ды Вільні, высвяціўся на святарства ў Пінску, а потым на працягу больш за 20 гадоў вёў выкладчыцкую дзейнасць у розных вучэльнях у Мінску, Оршы, Полацку і Віцебску. Меў непасрэднае дачыненне да паўстання адзінай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

Хто гэтая выбітная асоба?

Народжаны ў Кёнігсбергу, генерал Ордэна езуітаў у 1805 – 1820 г.г., Тадэвуш Бжазоўскі дамогся згоды імператара Аляксандра І на падвышэнне статуса Полацкага езуіцкага калегіюма да вышэйшай навучальнай установы. Паўсталая такім чынам у 1812 г. Полацкая езуіцкая акадэмія была адінай ВНУ на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. (да яе ліквідацыі ў 1820 г.).

 

5. Сваёй працай гэты ўраджэнец італьянскай Вероны заслужыў званне капітана кавалерыі Вялікага княства Літоўскага, пасаду “архітэктара Яго Каралеўскай Вялікасці” і шляхецкую годнасць у 1775 г. Менавіта ён распрацаваў праекты велічных палацаў Яўхіма Храптовіча, Юзафа Валовіча, Антонія Тызэнгаўза. А за праект рэканструкцыі аднога з найбольш знакавых будынкаў у Гродна вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў архітэктара маёнткам Дубасна на Беласточчыне.

Для якога гродзенскага будынку італьянец, пахаваны на Каталіцкіх фарных могілках у Гродна, стварыў праект рэканструкцыі, так высока ацэнены манархам?

Так высока была ацэненая праца італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака па стварэнню праекта рэканструкцыі Новага Замку ў Гродна.

 

6. Аўтар музыкі першай класічнай оперы, пастаўленай на тэрыторыі Беларусі, перад тым, як больш за 40 гадоў аддаць удзелу ў музычным жыцці Вялікага княства Літоўскага, ужо быў дасведчаным і добра вядомым кампазітарам у Гамбургу. Што прымусіла нямецкага творцу ў канцы 1770-х гадоў “зняцца з месца” і пераехаць спачатку ў Варшаву, а потым і ў ВКЛ, дакладна не вядома. Затое вядома, якая падзея паслужыла падставай для прэм’еры згаданай оперы 17 верасня 1784 г.

Да чаго была прымеркаваная гэтая слынная падзея ў гісторыі музычнай і тэатральнай культуры Беларусі?

Першай класічнай операй, пастаўленай на тэрыторыі Беларусі, быў твор Яна (Ёгана) Давіда Голанда “Агатка, або Прыезд пана” (лібрэта Мацея Радзівіла). Гэтая прэм’ера адбылася ў Нясвіжскім оперна-балетным тэатры 17 верасня 1784 г. з нагоды прыезду ў Нясвіж вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

 

7. Пра значнасць зробленага гэтым брытанскім архітэктарам для Беларусі сведчыць ужо толькі тое, што спецыялісты адназначна прызнаюць – фактычна ўся архітэктура пачатку ХІХ ст. аднога з цяперашніх нашых абласных цэнтраў створаная адным гэтым чалавекам!

У каго атрымалася прарабіць такую велізарную працу за 26 гадоў (1800 – 1826 г.г.)?

Гэтага чалавека звалі Джон Кларк. На думку спецыялістаў ім была створаная “фактычна ўся архітэктура Гомеля першай паловы ХIХ стагоддзя”.

 

8. 18 снежня 1917 г. фінскі юнак, - навучэнец каледжа ў Петраградзе, - выпадкова стаў сведкам падпісання кіраўніком ураду Савецкай Расіі У.Леніным пастановы аб прызнанні незалежнасці Фінляндыі. А ўжо менш чым праз 2 гады ён вучыўся ў Віцебску ў мастацкай школе Юдэля Пэна ды вадзіў знаёмства з Казімірам Малевічам і Маркам Шагалам. У Беларусі прапрацаваў больш за 10 гадоў – афармляў кнігі Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Паўлюка Труса, ажыццяўляў мастацкую рэдактуру часопісаў “Беларускі піянер”, “Плуг”, “Беларуская работніца і сялянка”, прымаў ўдзел у стварэнні “культавага” савецкага фільма “Браняносец “Пацёмкін”” і першых беларускіх мультфільмаў. У 1930 г. пераехаў з Беларусі ў Маскву перад самым пачаткаў арыштаў беларускай інтэлігенцыі па справе гэтак званага “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1933 г. збег з СССР на Радзіму, у Фінляндыю, дзе з пачаткам “Зімняй вайны” быў арыштаваны і некалькі гадоў правёў у канцлагеры, як “недабранадзейны элемент”. З 1946 г. жыў і працаваў у Швецыі. Стваральнік арыгінальнай канцэпцыі развіцця чалавека і чалавецтва. Памер у 1997 г. ва ўзросце 97 гадоў.

Чыя біяграфія гэтак падобная на сюжэт захапляльнага гістарычнага рамана?

Вядзецца пра біяграфію фінскага мастака і мысляра Алексантэры Ахола-Вало.

 

9. Гэты заслужаны артыст Беларусі нарадзіўся ў Берліне ў 1910 г., і ў канцы 1920-х - пачатку 1930-х г.г. ужо лічыўся адным з найлепшых музыкаў у Еўропе ў сваім жанры. Узначалены ім у 1940 г. дзяржаўны аркестр у БССР стаўся адным з найпапулярнейшых музычных калектываў у СССР. Аднак у 1946 г. творца быў рэпрэсаваны і зноў апынуўся ў Беларусі толькі ў 1969 г. – як кіраўнік аркестра Гомельскай абласной філармоніі. Незадоўга да смерці вярнуўся на Радзіму. Памёр і пахаваны ў Заходнім Берліне ў 1976 г.

У якім жанры музыкі праславіўся гэты кампазітар і выканаўца?  

Заслужаны артыст Беларусі Эдзі (Адольф-Эдуард) Рознер быў выдатным аўтарам і выканаўцам джазавай музыкі.

 

10. Народжаны ад бацькі-брэтонца і маці-ірландкі ў Лондане, гэты выпускнік Оксфарда, Сарбоны і Лонданскай школы эканомікі больш за 50 год (з 1954 г. і да самай смерці ў 2007 г.) займаўся вывучэннем гісторыі беларускай музыкі, мастацкай творчасці, кнігадрукавання. Быў выдаўцом адзінага ў свеце англамоўнага часопіса, цалкам прысвечанага беларускай культуры. Кавалер Нацыянальнага Ордэна Заслугі (Францыя) і медаля Францыска Скарыны (Беларусь). Паводле апошняй просьбы пахаваны ў Мінску.

Як звалі гэтага “пасла беларускай культуры на Захадзе”?

Пахаванага ў крыпце Чырвонага касцёла ў Мінску выдаўца «The Byelorussian Cronicle» звалі Гай Пікарда.

 

Дадатковая інфармацыя