Нацыянальны конкурс моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” адбыўся ў новым фармаце

У лістападзе 2016 г. у Брэсце, Магілёве, Мінску і Вільні прайшлі паўфінальныя і фінальная гульні Нацыянальнага конкурса моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” Нагадаем, што сёлета ў конкурсе, які мае ўжо 13-гадовую гісторыю, упершыню маглі браць удзел не толькі школьнікі ды гімназісты, але і любыя маладыя жыхары беларусі ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. Здаецца, гэтае новаўвядзенне сябе апраўдала – цікавасць да конкурса была не меншай, чым у папярэднія гады, а кола яго ўдзельнікаў і сімпатыкаў значна пашырылася. Дый канчатковыя вынікі сёлетняга спаборніцтва сведчаць пра тое, што абнаўленне фармату спрыяла абнаўленню яго змястоўнасці і непрадказальнасці. Але аб усім па парадку.

Першы паўфінал у Брэсце

Паўфінал 2016 у Брэсце7 лістапада прайшла першая паўфінальная гульня ў горадзе над Бугам. У гасціннай і ўтульнай “Прасторы КХ” у Брэсце за ўмоўны тытул “лепшай каманды Заходняй Беларусі” і за выхад у фінал пазмагаліся 5 каманд з Брэста, Пінска, Навагрудка і пас. Белавежскі, што ў Камянецкім раёне. Сярод удзельнікаў былі як каманды, складзеныя са школьнікаў і гімназістаў (у тым ліку чатырохразовыя пераможцы конкурса школьных каманд – “Беларускае кола” з Навагрудка, а таксама каманды “Аўтары свайго жыцця” з Белавежскага і “Кемлівыя палешукі” з Пінска), так і прадстаўнікі нефармальных моладзевых суполак (“Феніксы” і Zaleskiklug з Брэста). Нягледзячы на тое, што шырока эрудзіраваныя пінскія гімназісты з гімназіі №1 імя Ф.Я. Перца ўпарта імкнуліся навязаць барацьбу самай тытулаванай і, як заўсёды, бліскуча падрыхтаванай камандзе з Навагрудка, перамога гэтым разам засталася за вопытам. Каманда “Беларускае кола”, складзеная гэтым разам з адных дзяўчат – навучэнак сярэдніх школаў №4 і №5 г. Навагрудка, і ў новым фармаце конкурса здабыла пуцёўку ў фінал – так, як гэта яна рабіла і ў папярэднія тры гады ў конкурсах школьных каманд.

Паўфінал 2016 у БрэсцеПаўфінал 2016 у Брэсце

Табліцу вынікаў паўфіналаў гл. тут.

Другі паўфінал у Магілёве

Паўфінал 2016 у МагілёвеУ наступнай паўфінальнай гульні, што адбылася 13 лістапада ў Магілёве ў Цэнтры “Кола”, на жаль (па розных абставінах) не здолелі ўзяць удзел 2 з 3-х раней заявіўшыхся магілёўскія каманды. Таму, фактычна, гульня ўяўляла сабою матч “Віцебск vs Магілёў”, дзе віцяблян прадстаўляла каманда “Red Hot Chili Peppers”, складзеная з сяброў моладзевай тэатральнай суполкі беларускай "паўночнай сталіцы”, а гонар магілёўцаў бараніла дасведчаная “Еўра-М” з мясцовай гімназіі №1. І тут таксама, як і ў Брэсце, вопыт аказаўся вызначальным чыннікам. Шматразовыя фіналісты конкурса школьных каманд, - каманда “Еўра-М”, - упэўнена прайшлі і ў першы фінал конкурса моладзевых каманд з абсалютна лепшай сумай балаў сярод усіх удзельнікаў сёлетніх паўфіналаў.Паўфінал 2016 у Магілёве

Табліцу вынікаў паўфіналаў гл. тут.

Трэці паўфінал у Мінску

паўфінал у МінскуНайбольш непрадказальным выглядаў магчымы вынік трэцяга паўфінала, які прайшоў 13 лістапада ў мінскім бізнес-клубе “IMAGURU”. Бо ў ім сыйшліся чатыры абсалютныя навічкі нашага конкурса – вельмі цікавая і самабытная каманда “Быкаў плакаў” з гімназіі №1 г. Салігорска, а таксама тры “нефармальныя” мінскія каманды – “Ваяры”, “Літвіны” і “Касмічныя коцікі”. У выніку асноўная і вельмі захапляльная барацьба разгарэлася паміж салігорскімі гімназістамі і студэнтамі першых курсаў БДУ і БДЭУ, якія самаарганізаваліся для ўдзелу ў конкурсе пад назвай “Касмічныя коцікі”. Выніковы лік гульні засведчыў, што “прышэльцы з космасу” усё ж такі аказаліся крыху больш падрыхтаванымі, мэтанакіраванымі і, самае галоўнае, больш удачлівымі, чым іх галоўныя супернікі. Такім чынам, з апошняга паўфінала ў фінал трапіла каманда “Касмічныя коцікі” (Мінск).

Табліцу вынікаў паўфіналаў гл. тут.паўфінал у Мінску

У канцы кожнай паўфінальнай гульні арганізатары выказвалі шчырую падзяку ўсім удзельнікам паўфіналаў за іх добрую падрыхтоўку, цудоўныя веды і байцоўскі дух. Бясспрэчна, усе ўдзельнікі гэтых гульняў былі дастойныя выйсця ў фінал, але перамаглі ўсё ж сапраўды мацнейшыя! Асобная падзяка належала, натуральна, сябрам журы, якія бесстаронне і паважліва кантралявалі хаду гульняў, вызначалі лік ды падводзілі вынікі. Гэтую ролю сёлета паспяхова выканалі (у розных складах падчас розных гульняў) вядомыя ў Беларусі людзі: старшыня Савета па развіццю прадпрымальніцтва пра Мінскім гарвыканкаме, сябра Рэспубліканскага савета па развіццю прадпрымальніцтва Васіль Астроўскі; кіраўнічка грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, першая ў гісторыі Беларусі жанчына-кандыдатка ў Прэзідэнты Таццяна Караткевіч; адна з заснавальніц конкурса “Што я ведаю пра Еўропу?”, намесніца старшыні Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч; старшыня аргкамітэта конкурса, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў; вядомы эканамічны аналітык і папулярны Інтэрнет-блогер Сяргей Чалы. Ну і самыя бурныя апладысменты ды самыя выкшталцоныя падзякі і ў Брэсце, і ў Магілёве, і Мінску заўсёды даставаліся на долю галоўнага аніматара гульняў – выбітнага беларускага актора і тэлевядучага Юрыя Жыгамонта.

Юры Жыгамонт

Фінал у Вільні

Фінал у ВільніНарэшце, па добрай ужо традыцыі нашага конкурса, 25 лістапада яго галоўную, - фінальную, - гульню прыняла старажытная Вільня. Каманды-фіналісткі, - “Беларускае кола” (Навагрудак), “Еўра-М” (Магілёў) і “Касмічныя коцікі” (Мінск), - былі гасцінна прынятыя ў віленскім “Еўрапейскім Доме” на праспекце Гедыміна, у Прадстаўніцтве Еўрапейскай Камісіі ў Літоўскай Рэспубліцы. Шчыра кажучы, цяжка знайсці ў былой сталіцы ВКЛ больш адпаведнае месца для правядзення конкурса ведаў пра гісторыю і сучаснасць Еўропы і Еўрасюза!


Перад пачаткам гульні яе ўдзельнікаў прывіталі і пажадалі ім поспехаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, а таксама прадстаўніца Дэпартамента развіццёвага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Рута Гянене. Нязменны вядучы сёлетніх гульняў Юрый Жыгамонт прадставіў “строгае, але справядлівае” журы фіналу ў складзе Вольгі Лагвіновіч, Ігара Лялькова і шматгадовай сяброўкі аргкамітэта конкурса, выкладчыцы Мінскага радыётэхнічнага каледжа Вольгі Саўчанка.

Сама гульня, як і належыць фіналу, дзе сыйшліся ў спаборніцтве лепшыя з лепшых, атрымалася вельмі напружанай. Яна складалася з 5 этапаў. Пасля двух першых з іх, - прэзентацыі “Мы і наш горад у еўрапейскім кантэксце” ды вырашэння гістарычных задач на тэму “Юбілейныя і памятныя даты Еўропы і Беларусі 2016 года”, - усе тры каманды шлі на роўных, і вызначыць відавочнага лідара ўяўлялася немагчымым. Трэці этап называўся “Гарады Еўрасаюза” і палягаў на тым, што, атрымаўшы апісальную інфармацыю пра 20 гарадоў Еўропы, каманды мусілі за вызначаны час падпісаць іх усе на раздадзеных контурных картах. І пасля яго рэзкай дыферэнцыяцыі таксама не адбылося – розніца паміж лідарам (“Касмічнымі коцікамі”) і трэцяй камандай (“Беларускае кола”) склала ўсяго 5 балаў. Пералом адбыўся толькі падчас чацвертага этапу – як гэта часта ўжо здаралася ў гісторыі конкурса вызначальным стаў брэйн-рынг (гэтым разам яго тэмай былі “Палітыка і эканоміка краін Еўрапейскага Саюза”). І гэты этап з заўважнай перавагай выйгралі студэнты з “Касмічных коцікаў”. Пасля чаго ім заставалася толькі адстаяць гэтую перавагу і не праваліцца па выніках медыяазбукі “Культурныя сувязі Беларусі з Еўропай”, што яны з поспехам і зрабілі. Такім чынам выніковая табліца фінальнай гульні прыняла наступны выгляд:

Вынікі фіналу 2016 г.

Пераможных “Касмічных коцікаў” шчыра прывіталі і павіншавалі сябры журы, спадарыня Рута Гянене з МЗС Літвы, а таксама гаспадар пляцоўкі, на якой адбывалася імпрэза, - кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Літоўскай Рэспубліцы Арнольдас Пранцкявічус. Усе ўдзельнікі фінальнай гульні атрымалі падарункі ад аргкамітэта конкурса, Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі ды Прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Літве.

У сваі заключным слове старшыня аргкамітэта Ігар Лялькоў яшчэ раз выказаў словы падзякі ўсім удзельнікам сёлетняга конкурса ды ўсім тым, хто спрычыніўся да яго арганізацыі ў гэтым годзе, і ў першую чаргу партнерам, без якіх правядзенне конкурсных мерапрыемстваў не было б магчымым: Міністэрству замежных спраў Каралеўства Нідэрланды і Амбасадзе Нідэрландаў у Варшаве, Міністэрству замежных спраў Літоўскай Рэспублікі і Амбасадзе Літвы ў Мінску, Міністэрству замежных спраў Чэшскай Рэспублікі і Асацыяцыі міжнародных стасункаў (Прага).

 

Такім чынам, мінскія “Касмічныя коцікі”, - Канстанцін Багдановіч, Ягор Бандаровіч, Зміцер Вабішчэвіч, Яўген Фядотаў (капітан) і Віктар Шадурскі, - ужо ўвайшлі ў гісторыю, як першыя пераможцы Нацыянальнага конкурса моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” і ў першай палове 2017 года іх чакае захапляльнае падарожжа ў ЕС.

 

Пераможцам – віншаванні!

Усім астатнім – далучайцеся да нас у 2017 годзе!

 

Арганізацыйны камітэт



Дадатковая інфармацыя